У 1976 г. пры Мілавідскай сярэдняй школе, дзякуючы актыўнай працы дзяцей і настаўнікаў, быў адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей. У 1984 г. музей быў перааформлены на сродкі калгаса імя Дзяржынскага. Музей складаецца з наступных раздзелаў: старажытны перыяд, наш край у часы феадалізму, на шляху да незалежнасці, Вялікая Айчынная вайна ў нашай мясцовасці і гісторыя школы.
Са старажытнага перыяду ў музеі захаваліся рэшткі каменнага малатка, каменная сякера, рэшткі старажытнага посуду.
Міжваенны перыяд на Беларусі вызначаўся наступнымі гістарычнымі падзеямі: кастрычніцкая рэвалюцыя, грамадзянская вайна і польская акупацыя Заходняй Беларусі з 1921 г. па 1939 г. З гэтага перыяду ў музеі захаваліся наступныя прадметы: газавая лямпа, калыска, старыя прасы, скрынкі для кулямётных лент і шчыткі ад кулямёта “Максім”.
Значнае месца ў музеі адводзіцца экспанатам, якія захаваліся з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта медалі ветэранаў, газеты часоў вайны, скрынкі для снарадаў, рэшткі вінтовак, нямецкія і савецкія каскі, салдацкія флягі.
Наступны раздзел прысвечаны гісторыі развіцця нашай школы. Тут змешчаны фотаздымкі ветэранаў педагагічнай працы і вядомых аднавяскоўцаў. У цэнтры музея знаходзяцца падарункі музею: кнігі, фотаздымкі, летапіс школы, бюсты Леніна, Дзяржынскага, Чапаева, спартыўныя кубкі, макет падводнай лодкі і іншае.
разгарнуць » / « згарнуць